Літаратурны вечар Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай

Информация неактуальна
Поделиться
Отправить
Класснуть

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч і паэтка-перакладчыца, адна з рэдактарак інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет» Юля Цімафеева будуць прэзентаваць адразу дзве кнігі – раман «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча і дзіцячая кніга нарвежскага пісьменніка Стыяна Холе «Лета Гармана» ў перакладзе Юлі Цімафеевай.

Раман «Сабакі Эўропы» выйшаў напрыканцы мінулага году, атрымаў прэмію «Кніга году», другую прэмію Ежы Гедройца, прэмію фэстываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». У 2019 годзе раман выйдзе ў расейскім перакладзе ў маскоўскім выдавецтве «Время». Гэта дзевяцьсот старонак прозы і вершаў, кніга з шасці частак, аб’яднаных самымі рознымі таямніцамі. Сам аўтар назваў яе «антыбэстсэлерам» (тэрмін быў адразу падхоплены крытыкамі і чытачамі) і сваім найвялікшым актам творчай свабоды.«Сабакі Эўропы» прэзэнтаваліся ў Менску, Бэрліне, Горадні, Бабруйску, на фэстывалі «Востраў Эўропа» ва ўкраінскай Віньніцы.

Дзіцячая кніга «Лета Гармана» выйшла зусім нядаўна, але ўжо атрымала прызнанне як дарослых, так і маленькіх чытачоў. Нарвежскі пісьменнік і дызайнер Стыян Холе сам ілюструе свае кнігі, ён стварыў дзіўны свет, у якім яркія візуальныя вобразы і сур’ёзны, разам з тым, просты тэкст пераплятаюцца ў адзінае дзівоснае цэлае. Хлопчык Гарман упершыню мусіць ісьці ў школу. Збянтэжанасць, пытанні, візыт дзіўных цётачак. І ні з чым не параўнальны подых канца лета. Кніга здабыла мноства прызоў і прэмій на розных кніжных выставах, уключаючы самую прэстыжную – Балонскую 2007 года. Твор перакладзены на 18 моваў свету, а цяпер існуе і па-беларуску. З чытацкіх водгукаў: «…Гэта казачная гісторыя пра жыццё і смерць, пра маладосць і старасць, пра малочныя зубы і зубныя пратэзы. Выдатны падарунак дзецям, якія рыхтуюцца да школы».